A R C H E П а ч а т а к № 7-8 (58-59) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


7-8 — 2007

 



крытыка • аналітыка • гісторыя • літаратура • гутарка • эсэістыка

 


літаратура

  Тарас Прахаська

Вокладка «ARCHE» №7-8
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Тарас Прахаська
Увабраць горад
Напярэдадні зімы, у лістападзе, ужо а 5-й гадзіне па абедзе, калі сьцямнела, а ліхтары яшчэ не запаліліся, у львоўскім бары «Нэктар» сядзяць людзі-пасьля-працы.

Увайшоўшы ў залю, Сэбасьцян замаўляе дзьве кавы й два віна. Ён сядзіць за сталом адзін. Ён паліць і праз пэўны час просіць бармэна падагрэць на пары некранутую каву. Ён чакае.

Сэбасьцян — 25-гадовы львоўскі фатограф, высокі, хударлявы, зь некалькімі радзімкамі пад левым вусам, ён ходзіць у грубым суконным плашчы і цяжкіх вайсковых ботах, здымач, які заўсёды зь ім, хаваецца пад плашчом. Ён маўклівы, ашчадны на міміку і жэсты, няголены. Але ягоныя стрыманасьць ды спакой — мяккія.

Ён верне недапітую каву, дап’е віно разам з прыяцелем-бармэнам, перапросіць у яго за турботы ды папросіць перанесьці каву на заўтра. Ён пагаворыць з бармэнам так, як можна пагаварыць з бармэнам, бармэн будзе сьмяяцца, ён заўсёды любіў Сэбасьцяна. І, магчыма, пасьлязаўтра, пасьля-пасьлязаўтра…

* * *

Цягнік з Прагі адыходзіць апоўдні, і Крыста мусіць прыйсьці да бацькі зранку. Ейны тата, Раман Бачынскі, сын УНРаўскага эмігранта, праскі прафэсар-гісторык, зьбірае дачку ў Львоў.

Яны размаўляюць у ягоным кабінэце. Яна паедзе ў Львоў, каб сустрэцца з Сэбасьцянам, здымкі якога прафэсар знайшоў у чэскім фотачасопісе. Здымкі паказвалі невідавочную тапаграфію Львова. Менавіта такі спосаб мысьленьня і такое адмысловае бачаньне адпавядалі б ягонай цяперашняй працы пра львоўскую вайну ў лістападзе 1918 г.

К. возьме з сабой найкаштоўнейшы матэрыял — дзёньнік украінскага старшыны, ваяра штурмавой роты, той фіксацыю найнязначнейшых апэрацый перамяжоўваў тонкімі ды нестандартнымі рэфлексіямі пра вайну ў горадзе. Гэта ж іншая вайна. Невядомы афіцэр даводзіў, што няўдача адной-адзінай авантуры прывяла да страты Львова, што сталася ўрэшце стратаю ўсяго.

Фатаздымкі С. дзіўным чынам мроіліся ледзь не ілюстрацыямі лістападаўскага Львова 1918 г.

Цяпер яны з К. зробяць яшчэ сэрыю здымкаў канкрэтных вуліц, будынкаў, дахаў, падворкаў, брамаў, сходаў, вокнаў, адкуль і куды перабягалі, стралялі ды хаваліся ваякі абодвух бакоў. А Бачынскі, не выходзячы з кабінэту, пакрэмзае здымкі ды вылічыць той вырашальны момант вайны.

К. 23 гады, яна танклявая, павольная, здатная да ўсяго, вясёлая ды сур’ёзная эўрапейка. Бачынскі ведае, што К. зробіць усё, як ён.

А з С. яна сустрэнецца ў лістападзе ў «Нэктары» а 5-й. Так яны дамовіліся, і С. будзе чакаць.

* * *

С. зноў чакае ва ўзгодненым месцы. Цяпер зь ім спадар, які ўпрошвае ды пераконвае С. узяцца за адну складаную замову. Гэтым разам ім зноўку патрэбныя здымкі з дэльтапляну тэлеаб’ектывам. Трэба зьняць вагоннае дэпо так, каб былі бачныя пазнакі на вагонах. Да таго ж гэта магчыма толькі ўначы, адпаведна, трэба працаваць з прыладамі начнога бачаньня. Такую працу ў Львове можа выканаць толькі С.

Але цяпер С. упарта адмаўляецца, ня столькі зь неахвоты болей працаваць з гэтымі людзьмі, колькі праз апантанасьць ідэямі Бачынскага.

* * *

У цягніку «Прага — Масква» К. едзе разам са львавянінам, які вяртаецца з фэстывалю андэрграўндавай музыкі.

К. распавядае яму пра сваю працу. Яна — сацыёляг-журналіст, займаецца арганізаванай злачыннасьцю як сацыяльным фэномэнам. Ня так даўна яна выйшла на ўкраінскую мафію ў Празе. Адзін зь іх, «маэстра» львоўскай групоўкі, інтэлектуал ды эстэт, сам прапанаваў К. быць яе правадніком ды апекуном у дасьледаваньні львоўскіх структураў. Ён разумеў, што цікавасьць К. не датычыць канкрэтных фактаў, ня тоіць ніякай небясьпекі для арганізацыі. Для яго гэта гульня. Зь яе патрабуецца адно толькі не выходзіць за межы, бо ён ня будзе рызыкаваць, абараняючы К. Музыка, якога ў Львове ўсе клічуць Махнатым, ведае дзякуючы вуліцы практычна ўсё і цяпер намагаецца распавесьці К. усе гарадзкія байкі пра яе новых знаёмцаў.

* * *

С. у «Нэктары». К. уваходзіць туды. Яна акідвае вокам залю і, амаль не прыпыняючыся, падыходзіць да століка С. А той уздымаецца, калі яна яшчэ далёка. Яна ня ведае, як выглядае той, з кім яна сустракаецца, тым ня меней, яны пазнаюць адно аднаго. С. ужо замовіў каву ды віно для К.

Яна адразу пачынае. Яна распавядае, як пазнала яго. Ён маўчыць і слухае. Ён кажа вельмі спакойна і лагодна, што К. прыехала своечасова. Што менавіта 4 лістапада 70 гадоў таму пачаліся сапраўды цікавыя падзеі. Але тады было болей сьнегу. Лістапад быў незвычайны.

Яшчэ ён скажа пра тое, што Львоў, мабыць, будавалі шчасьлівыя людзі і запэўнівае К., што й яна будзе тут шчасьлівая. Калі К. пачынае гаварыць пра справу, ён вяртае посуд, бярэ плашч і вядзе яе вонкі.

* * *

Яны крочаць ужо асьветленым горадам. К. яшчэ некалькі разоў вяртаецца да працоўных пытаньняў, але С. паглыблены ў сваё. К. не разумее вячэрняга Львова, яна ня ведае, куды яны йдуць. Ноч палохае яе, але яна паверыла С. і прыціхла. А той бярэ ейную руку і хавае ў кішэні плашча. Яны лезуць угару, да Цытадэлі. І К. вельмі ўпэўнена і натуральна адольвае ўсе перашкоды. Штораз ён прапаноўвае ёй дапамогу. І яна, насамрэч ня маючы ў ёй патрэбы, ніводнага разу не адмаўляецца.

Калі яны ўздымаюцца на гару, і С. садзіць яе на бэтонны дзот, К. разумее, дзеля чаго яны сюды прыйшлі. Адсюль Львоў, аточаны туманам, выглядае нецяперашнім. Пакуль у галаве К. укладваецца пабачанае, С., стоячы ззаду, пачынае гаварыць так, нібыта пачатку маналёгу не было чутно. Ён паказвае, як праходзілі лініі фронту па гарадзкіх вуліцах, як стралялі з вокнаў у вокны насупроць, як перабягалі дахамі і, урэшце, у які бок адышлі. К. адчувае аповед як дотык. С. спыняе яго пытаньнем, дзе К. будзе начаваць (ён ведае, што ў гатэль ісьці ня варта, і запрашае яе да сябе, а гэта побач).

* * *

Яны прыходзяць у кватэру С. Гэта адначасова вялікая студыя і лябараторыя. На сьценах — павялічаныя фатаздымкі. Яны нават не распранаюцца. Увесь вечар яны будуць пераходзіць ад сталоў да шафаў, стэляжоў, тэчак з фатаздымкамі, цэлымі іх стосамі. С. пакажа сотні сваіх працаў, замоваў, экспэрымэнтаў, спробаў, мастацкіх фота. Там будзе ўсё.

С. бярэ ў рукі фатаздымак за фатаздымкам. К. стаіць побач, слухае — ён у сваёй стыхіі, яму падуладнае ўсё. А яна проста ўражаная пабачаным. Яна ўжо няздольная гаварыць — С. гэтага не заўважае, натхнёны сваім. На такую якасьць, такое бачаньне і мысьленьне, такі ўзровень яна не спадзявалася, для яе гэта зусім новае, іншае.

С. паказвае сэрыі здымкаў, якія датычаць асабліва складаных замоваў — мікраздымкі цыталягічных зрэзаў, архітэктурныя дасьледаваньні, здымкі для рэстаўратараў, дэкаратараў, арніталягічныя падручнікі, здымкі з дэльтапляну для этолягаў, сацыялягічныя здымкі схаванай камэрай, выявы расьлінаў, крыміналягічныя фотадасьледаваньні. Гэта — пэрыяды ягонага жыцьця. І К. бачыць, што кожны з гэтых пэрыядаў рабіўся для С. паўнавартасным іншабыцьцём. Увесь час К. уважліва ўглядаецца ў С., у рукі, у зьбег паглядаў, яна ўглядаецца ў артыкуляцыю, часам ейныя вусны моўчкі паўтараюць асобныя выказваньні С.

Пасьля перабівае яго і кажа нешта пра ўсёабдымнасьць жыцьця, пра сусьветы магчымасьцяў, пра абранае і пра няспраўджанасьць, якая нараджае настальгію.

Падобна, што цяпер С. пазірае на яе як на выключную падзею свайго жыцьця. Бо ўсё, што яна кажа — некалі ім прадумвалася, і ўсе фатаздымкі — пра гэта.

Цяпер яны могуць пачаць гульню. К. будзе сама выбіраць здымкі і распавядаць, як яны нарадзіліся. С., седзячы на стале ды запальваючы цыгарэту за цыгарэтай, пасьміхаецца ды кажа, ці так, ці не, ці амаль так, ці амаль не. Ён зьзяе. Ён захоплена вітае яе пацалункам у лоб. І ейны пах як даўнішняя настальгія па няспраўджаным.

Ён пакажа ёй усе закуткі сваёй хаты. У дзівоснай кухні зварыць свой таямнічы глінтвайн і навучыць піць ром з хурмою.

Спавіты сонцам ранак засьпее К. на старой вялізнай канапе захутанай у два плашчы ды сьпячай. А С. — на раскінутым на падлозе матрацы. Ён чытае польскі дэтэктыў, абапіраючыся галавой на калярыфэр.

* * *

Яны ў розных мясьцінах Львова. Кожны раз шукаюць ракурс — падворкі, будынак, вокны, пераходы, дахі, вуліцы, схілы, — кіруючыся адпаведным абзацам дзёньніка. Абіраюць доўга (часам яшчэ даўжэй здымаюць), папярэдне аглядаючы ўсе дэталі ляндшафту. К. зь дзёньнікам у руцэ. Яна зачытвае ўголас, а С. вырашае, што гэта можа значыць. С. здымае з трыногай.

З кожным разам роля С. у выбары павялічваецца. Надыходзіць час, і ён бярэ дзёньнік і працуе цяпер сам. К. гэта падабаецца. Яна вясёлая, бестурботная. Раз-пораз яны ядуць распалавінены яблык, п’юць з пляшкі каньяк, паляць. Часам доўга сядзяць на пакрытай шэраньню ці лісьцем лаўцы побач з падрыхтаваным здымачом і гавораць пра нешта іншае.

Потым С. зробіць некалькі здымкаў так, каб самым істотным у кадры была К. Дзеля гэтага трэба адно толькі павярнуць трошкі камэру, К. нават і не заўважыць.

А аднойчы С., які цэлую гадзіну намагаецца наблізіць кадар да візіі лістапада 18-га, пераканае К., што менавіта цяпер гэты здымак немагчымы. Тады, у 18-м, быў сьнег. Трэба дачакацца сьнегу. К. дрэнна разумее сутнасьць аргумэнтаў С., і той вядзе яе ў краязнаўчы музэй.

Па дарозе яны зойдуць да «Жоржа», прамінуць усе перадпакоі, залі ды зальчыкі, апынуцца ў кухні. С. там ведаюць — падсмажаць грэнкі проста на велічэзнай пліце. Тым часам С. знойдзе віно, кілішкі, сам недзе зварыць каву. Яны падсілкуюцца там сярод кухараў ды тых, хто мые посуд. Ён будзе несур’ёзны, будзе балбатаць пра розныя спосабы існаваньня ў Львове, пра львоўскія міты. Для К. усё гэта вельмі цікава ды экзатычна. Пад канец С. зьбярэ ўсіх кухараў ды прыбіральшчыкаў. Паміж імі паставіць К. і зробіць здымкі.

* * *

У краязнаўчым музэі ўжо зачынена, але для С. адчыняюць, і яны з К. блукаюць паміж жывёлаў, расьлінаў ды птушак, карыстаючыся процьмаю незаўважных пераходаў. Яны мінаюць пакоі, ужо пустыя, дзе працуюць батанікі, энтамолягі, герпэтолягі. На працоўных сталах — пакінутыя да ранку гэрбарныя аркушы, лічынкі, мікраскопы, лябараторнае шкло.

Недзе на паддашшы, пасьля засьнежанага ўнутранага балькону, — пакойчык Тараса. Яны засьпяваюць яго на месцы. Т. сушыць мох. Гэта даўнішні прыяцель С. Зь ім неверагодна ўтульна.

Т. прынёс фэналягічную кніжку за лістапад 1918-га, ён архівазнаўца. Хутка яны будуць дакладна ведаць, як выглядаў кожны дзень таго лістапада і як пабудаваць здымкі цяпер.

Пазьней далучаецца зьмерзлы Махнаты. Ён — іхні трэці.

* * *

Махнаты — вялікі, барадаты, валасы сабраныя ў хвост, у вусе — каўтун. На ім нейкія напаўвайсковыя рэчы, ледзь не калюмбійскай арміі.

Ён цалуе ўсіх, не выдаючы знаёмства з К., а С. распавядае яму пра яе. К. трохі сорамна за тое, што яна нараспавядала М. у цягніку, але яна разумее, што ён прыгадваць гэтага ня будзе.

М. гучна размаўляе, дасьціпна жартуе, няспынна лаецца. Ён увесь час рухаецца, ня можа супакоіцца. Усе напампоўваюцца ягонай энэргіяй. Тады ён прапануе свой плян. Яны выбягаюць з музэю.

Яны прыйдуць да будыначка Тараса. Гэта старая львоўская віла. Там таропка вып’юць нечага. У Тараса ў шафах процьма старой вопраткі. Яны пераапрануцца ў дзіўныя строі. Прыхопяць яшчэ нейкую пляшку і паедуць на адрэстаўраваным Тарасавым джыпе часоў ІІ Усясьветнай вайны ў горад. Гэта балаган, вакханалія, оргія. Джып бязь верху, у ім халодна. Трэба ўвесь час крычаць, рухацца, танчыць пад рэгі ды піць. М. увесь вечар паліць марыхуану — цыгарэтку за цыгарэткай. Ён кіруе гульнёю.

Яны пад’яжджаюць да рэстарацый, бянтэжачы публіку, выпіваюць чарговую порцыю алькаголю. М. разьлічваецца тым, што палохае бандытаў ды выціскае з-за фартэпіянаў тапэраў.

А С. і К. з кожнай наступнай дзеяй усё болей выпадаюць з оргіі, яны ў розных яе кутках, яны адасобленыя, але яны разам. Тут яны ўдваіх.

Ужо ўначы ўсе ідуць туды, дзе працуе М., — у парк, да атракцыёнаў. Ён улучае каруселі, чортавы колы, гойданкі, электрамабілі, запальвае ўсе падсьветкі, прыводзіць усё ў рух. Усе весяляцца, як дзеці, на халодным засьнежаным атракцыёне рукі прымярзаюць да жалеза.

На чортавым коле С., аддзелены ад К. некалькімі кабінкамі, фатаграфуе яе з бліцам — спачатку зьнізу, пасьля на адным узроўні, пасьля зьверху. У сьвятле бліца ён бачыць, што ўсе яны на вышыні Цытадэлі, якая тут, за дрэвамі, і К. зьнятая на фоне муроў, байніцаў ды дзотаў.

Хваля весялосьці спадае зьнянацку. Усе задуменныя, але ўсім добра. Яны ціха шпацыруюць начным горадам. Т., не пытаючыся, вязе іх да Янаўскіх могілак. Тут сьнегу найбольш у горадзе. Ды ілюзія добрага лесу.

Яны прыйдуць да магілы Антоніча. М. заб’е рытуальна даўгую цыгарэту. Ужо цяпер папаляць усе. Дзесьці побач — магіла Мірона Тарнаўскага. На чорным небе — пункцір гарадзкіх ліхтароў.

* * *

К. у гатэльным нумары. Яна разумее, што ўжо час папрацаваць, заархіваваць пражытае. К. намагаецца нешта рабіць.

Прыходзіць С. Яны падсумоўваюць тое, што ўжо ёсьць, плянуюць апошнія здымкі.

Праца ў горадзе ня йдзе. Абодва чамусьці сумныя. Да таго ж К. нэрвуецца. Некалькі разоў яна тэлефануе з аўтаматаў. Сёньня здымкі скончыліся вельмі хутка. К. сьпяшаецца ў гатэль, дзе ў яе прызначаная сустрэча. С. усё ж праводзіць яе, яму ўсё цяжэй заставацца безь яе.

У бары «Інтурыста» яе чакае маладзён. С. ня ведае яго, хоць разумее, што той належыць да напаўкрымінальнага сьвету. Яны ўтрох п’юць каву. Хлопец паводзіць сябе вельмі экспансіўна. Але ён дастаткова прыемны і сымпатычны, вельмі гаваркі. К. ставіцца да яго гэтак жа прыязна, як і ў свой час да С. Гэта асаблівасьць ейнае натуры. А С. пачынае баяцца за К. Ён адчувае, што ўсё гэта зьвязанае зь нейкаю небясьпекаю. Адзінае, што ён намагаецца даць зразумець хлапцу перад тым, як сысьці, гэта тое, што К. пад ягонаю абаронай.

С. стаіць на мяжы пляцоўкі перад гатэлем і паркам. Ён бачыць, як К. з хлапцом паказваюцца ў дзьвярах і сядаюць у аўтамабіль, які ня можа належаць абы-каму. Яшчэ ён бачыць, як сьледам за імі вырушвае машына з тымі, каго С. ведае як памагатых «маэстра». (Яму яшчэ даўна С. рабіў нейкія здымкі за падвойную аплату).

* * *

К. будзе слухаць музыку, паліць і глядзець на вячэрні Львоў. А хлопец распавядаць шмат цікавых гісторый, жартаваць і клапаціцца пра тое, каб К. пачувалася як найлепш.

І ёй праўда было няблага, і хлопец падаваўся цалкам прыемным. Ён нават прапанаваў ёй ня ехаць на нудотную, няхай і патрэбную сустрэчу, а даверыцца ягонаму густу ў знаёмленьні з горадам. Яна ж тут упершыню. І ён зможа шмат чаго паказаць ёй.

Ды, між тым, яны ўжо прыехалі.

Дзе знаходзілася тая рэстарацыя, К. скеміць не магла. Быў лес, добрая дарога, драўляная заля, шмат аўто ля ўваходу. Рэстарацыя была ўжо зачыненая, і ў зале сядзелі толькі свае.

Гэта пасьля ўжо маэстра спытаўся ў К., ці атрымала яна тое, што хацела. Сказаў таксама, што К. паводзілася вельмі спрытна і, напэўна, не выклікала ніякага падазрэньня. Але хай мае на ўвазе, што гэтыя людзі будуць правяраць і надалей. І ён ня зможа зрабіць для яе болей нічога бяз шкоды для сябе.

* * *

С. праседзеў на лаўцы ў Езуіцкай слабадзе больш, чым езьдзіла К. Ён сядзеў з нагамі на зацягнутай шэраньню лаўцы і гаварыў у дыктафон. Гэтую касэту ён калі-небудзь дасьць К. Там будзе ўсё, што С. ведае пра крымінальны сьвет з уласнага досьведу. Дагэтуль — ніякіх перасьцярог.

* * *

Калі К. выйшла з гатэлю, было яшчэ вельмі рана. Пад паркінгам можна было разгледзець непамыты джып.

К. ідзе да яго.

С. назірае, як туман выпаўзае з-пад дрэваў. Т. сьпіць, а М. паліць траву і круціць паламанае радыё, якім быў калісьці ўкамплектаваны джып.

К. сьмешна, бо Т. і М. апранутыя ў жаўнерскія шынялі, на нагах — чаравікі з абкруткамі, на галавах — аўстрыяцкія шапкі, у руках — драўляныя макеты доўгіх шабляў. Усе гэта патрэбнае для сёньняшняга пляну С.

А ён вырашыў адзін незразумелы, але вельмі важны эпізод зь дзёньніка адрабіць на сапраўдным месцы, дзе той адбыўся.

Яны ўвойдуць у горад непадалёк ад вакзалу. Тая апэрацыя магла б стацца вырашальнаю. Апошняя спроба захапіць чыгунку. Гармата з Цытадэлі павінна была ўдарыць па муры ўнутранага падворку вялікага будынку, штурмавая рота бегла праз вуліцу ў браму таго будынку, перабягала падворак і ўбягала ў прагал да чыгункі.

У дзёньніку было напісана, што ўсе так і адбылося, грымнуў выбух, ваякі пабеглі, убеглі ў пралом, чыгункі там не было, яны беглі далей, патрапіўшы ў хаатычны лябірынт пераходаў, чыгунка была недзе зусім побач, яны блукалі далей, аж пакуль не забеглі ў браму будынка, ператворанага палякамі ў форт. Адтуль ніхто жывым ня выйшаў.

С. уладкаваў трыногу і камэру. М. і Т., блытаючыся ў шынялях і шаблях, бегалі па сходах, падворкамі, уздоўж муроў. Ляндшафт відавочна зьмяніўся. К. вымервала кожны адцінак храномэтрам.

Нарэшце М. з Т. забеглі ў нейкую шчыліну, чуючы, што чыгунка побач. Вярнуліся яны праз доўгі час і зь іншага боку.

М. пераканаўся, што тут ёсьць нешта невытлумачальнае. Экспэрымэнт ня даў нічога. Можна было паспрабаваць яшчэ. Але гэтага тэатру ўсім ужо досыць.

* * *

Увечары С., К., М., Т. сядзяць у лябараторыі С. На двух насьценных экранах яны пераглядаюць усё наздыманае для К.

На адзін з экранаў наведзены эпідыяскоп. Туды С. праектуе фатаздымкі месцаў падзеяў, стылізаваныя пад той лістапад, фатаздымкі гарадзкой тапаграфіі зьверху, схемы перабегаў ды страляніны, старонкі дзёньніка. Ён стварае стабільны, але зьменлівы каляж.

На другім экране высьвечваюцца слайды, якія ня тычацца непасрэдна справы.

М. увесь час лямантуе пра свае містычныя страхі падчас ранішняга экспэрымэнту. Т. робіць нейкія ўдакладненьні да кожнага здымка і занатоўвае для К. пакадравы камэнтар. С. ведае, што ранішняя таямніца можа адкрыцца толькі такім шляхам — зьмешваць фатаздымкі яшчэ і яшчэ. Ён не прыбірае рук з палічкі эпідыяскопу. А К. замкнёна сядзіць побач, націскаючы кнопку дыстанцыйнага кіраваньня, і доўга ўглядаецца ў тыя слайды, дзе яна ў горадзе, дзе іхні карнавал, дзе М. і Т. сфатаграфавалі яе за працаю.

Яна спынілася на асабліва прыгожых здымках, зробленых уначы на чортавым коле.

С. расклаў фотаздымкі ўсіх тых двароў зьверху, побач са здымкам чыгункі.

Усе зьнясіліліся. Вырашылі пайсьці на кухню папаліць пад каву.

С. застаецца, бо адчувае блізкасьць чагосьці. Ён пабачыў на слайдзе сылюэт Цытадэлі за фігураю К. Ён пабачыў тыя байніцы, што скіраваныя ў бок вакзалу, уявіў, як там магла стаяць гармата.

С. яшчэ раз упарадкаваў усе падворкі ля чыгункі. Цяпер абедзьве праекцыі на сьценах побач. С. дамалёўвае тоўстым маркерам на схеме Цытадэль, лініі агню.

Цяпер бачна зьверху ўвесь лябірынт з уваходам праз шчыліну, у якую забягалі ранкам. Бачны суседні падворак, за сьцяной якога — чыгунка. І бачна, як з-за таго, што амбразура вузкая, нестае некалькі мэтраў, ня ўлічаных тады артылерыстамі, каб разьбіць гэтую сьцяну.

Вось жа, прабілі сьцяну побач. Сьцяну, за якой не чыгунка, а чарада новых падворкаў, пераходаў, брамаў. Вось жа, штурмавая рота забегла ў падворак, апынулася перад прагалам, кінулася ў яго — і трапіла ў нікуды. Вакзал не штурмаваўся. Вакзал застаўся ў палякаў. А штурмавая рота кідалася туды-сюды аж пакуль выпадкова ня выскачыла на форт.

С. трызьніць. Ён запаліць, зробіць колькі зацяжак і пойдзе на кухню. Ён вып’е сваю каву.

Калі ж усе вернуцца ў лябараторыю, яны пабачаць тое, што пабачыў С.

* * *

Праца скончаная. Скончыўся яшчэ адзін пэрыяд быцьця С. Але С. упершыню ня хоча адпускаць пэрыяд, ён ня можа пагадзіцца на «вось і ўсё».

Ён прыйдзе да К., прыйдзе, ня ведаючы, што цяпер прапанаваць, прыйдзе, як прыходзіў штодня цягам гэтых тыдняў.

К. таксама ня лічыць, што пэрыяд абарваны: яны ж абодва ў Львове.

Сёньня ўвечары яны маглі б павячэраць у якой нятаннай рэстарацыі толькі ўдваіх.

С., аднак, прапаноўвае трошкі іншае. Ён запросіць яе на вячэру ў закінутае памяшканьне ягонай бабулі па вуліцы Рускай, недзе ледзь не пад вежамі Карнякта.

Ён згатуе вячэру сам. А К. скажа, што б яна хацела зьесьці. С. зноўку спакойны.

Ужо адыходзячы, ён укладае фанаграму ў магнітафон К., калі яна гэтага ня бачыць.

І яшчэ ён скрадзе кніжку К. пра ўсходнеэўрапейскія злачынныя арганізацыі, што кантралююць Браціславу.

* * *

Увесь дзень С. бегае па крамках ды кірмашыках у пошуку прадуктаў да заплянаванай вячэры, па некаторыя інгрэдыенты даводзіцца нават ісьці да прыяцеляў. На Рускую ён прыйдзе зь вялікай валізкаю.

* * *

С. на кухні. Яна мала прыстасаваная для гатаваньня ежы, заваленая старымі рэчамі, вады няма. Але С. ужо канчае варыць, пекчы, наразаць ды ўпрыгожваць.

Тады зьяўляецца К. Дзіўна, што яна прынесла некалькі вазонаў з цыклямэнамі.

Яна пасядзіць у фатэлі на кухні, будзе паліць і пра нешта распавядаць. С. налье ёй шмат віна з ахалоджанай пляшкі і за гэты час вельмі ладна скончыць усё рыхтаваць.

У пакоі стол ссунуты так, што, сядзячы ля яго, С. адначасова сядзіць бокам да клявіятуры старога фартэпіяна. Для К. зноў падрыхтаваны фатэль. Стол спрэс застаўлены хімэрнымі разэткамі ды поліўкамі. Гэта ўсё да куляшу, які трэба есьці рукамі. Віно ды брынза.

Яны будуць есьці. С. ілюструе нейкія аповеды няўмелаю, але вельмі мілаю ігрой на фартэпіяна. Вельмі шмат вып’юць.

Выходзячы рабіць каву, С. пакінуў для К. стос пажоўклых фатаздымкаў.

Вярнуўшыся, ён зразумеў, што ўсе гэтыя здымкі — ягонага дзеда, які быў у штурмавой роце, ягоныя вайсковыя, дзіцячыя ды пазьнейшыя фатаздымкі. Побач ляжалі здымкі, зробленыя С. ужо цяпер, для Бачынскага, і досыць часта можна было падумаць, што гэта агульны шэраг. С. яшчэ доўга распавядаў К. пра дзеда, усё, што захавала сямейная памяць.

Гэты вечар так і ня стаў ноччу. Яна расьцягнулі сёньня да заўтра, да ранку. Яны маўчалі, гаварылі, гатавалі каву, вельмі шмат пілі і колькі разоў хмялелі, выпалілі ўсё задоўга да ранку і мусілі набіваць люльку выдыханымі тытунямі, глядзелі ў вакно, найгравалі мэлёдыі, разглядалі карціны, кнігі і адзін аднаго, грэліся старымі блюзамі, шукалі на лямпавым прыймачы Прагу.

Яны клапаціліся пра адлегласьць. Яны не наважваліся як-небудзь дакрануцца, бо болей за ўсё прагнулі дотыку.

А рана ранкам зьнясіленыя, спустошаныя й лёгкія выйшлі да першых сустрэчных здабыць цыгарэту.

У абед К. абудзіў тэлефон. То быў Марак, хлопец, што вазіў К. да маэстра. Ён казаў, што праз колькі хвілін едзе ў горы на прыватную вілу, дзе адбудзецца вялікі сход тых, хто яе цікавіць. Ён адзін едзе сваёй машынай, і калі К. яшчэ цікавіцца, дык возьме яе, але ехаць трэба цяпер.

Па дарозе Марак тлумачыў свой статус: ён ніхто і адразу ўсё, ён мае доступ да ўсяго, але — ніякай улады, яму ўсе давяраюць, але нічога не даручаюць, ён нічога ня робіць, але можа патрабаваць амаль усяго. Бо ён усяго толькі брат маэстра. Яго любяць, яго трываюць. Яму няма ніякай асалоды ад іхняга прыяцеляваньня, але ён карыстаецца ім. Ён чужаніца, ён малодшы брацік, ён інфант.

К. яму адразу спадабалася, ён усё разумее і ня хоча, каб яна ўспрымала яго як злачынцу.

Яны прыехалі да вілы ў гарах. Віла пустая. Марак паказвае ўвесь будынак. Ён запэўнівае, што ранкам усе пачнуць з’яжджацца.

* * *

С. хоча сустрэць К. Ён ходзіць да гатэлю, па гарадзкіх ходніках, у кавярні, дахаты. К. нідзе няма. Ён шукае яе ў сяброў, тэлефануе ў розныя месцы. Упершыню ў жыцьці ён пераканаў сам сябе — яшчэ беспадстаўна, — што здарылася бяда.

С. прыходзіць да М. Той ведае маэстра і тэлефануе яму. М. пераказвае С., што маэстра невядома, дзе знаходзіцца К. Ягоныя людзі не змаглі прасачыць, хто і куды яе зьвёз. Яна адсутнічае ўжо амаль суткі.

С. ідзе горадам.

Гэта ён вінаваты, што, зразумеўшы плян К. ужо даўна, ня здолеў яе абараніць. Гэтак жа, як некалі, калі яшчэ працаваў над фатаздымкамі для маэстра, ня здолеў абараніць свайго сябра. Сябра быў герпэтолягам ды піратэхнікам. Пра яго даведалася мафія ды пачала вымушаць зрабіць сэрыю бомбаў. Той адмовіўся, і яны жорстка і бязглузда зьнішчылі ўсіх жывёлінаў у тэрарыюме. Для яго гэта было канцом сьвету.

Згадаўшы пра герпэтоляга, С. вырашыў, што гэтага зь яго ўжо досыць, ён надта доўга марыў перастаць быць бясьсільным перад імі.

С. прыйдзе да герпэтоляга. Пагаворыць зь ім пра геконаў, агледзіць тэрарыюм. Герпэтоляг вельмі зьмяніўся пасьля той трагедыі. Зь ім цяпер цяжка размаўляць, нават С.

Дачакаўшы паўзы, С. просіць у герпэтоляга бомбу, якой можна было б спаліць невялічкі будыначак.

Яны дастаюць бомбу з шафы, дзе схаваная калекцыя выбуховых прыладаў.

* * *

З бомбаю С. пойдзе да Фядота. Ф. — сьлесар ды фанат дэльтаплянэрызму. Калісьці даўна яны разам вучыліся лётаць. Потым Ф. рабіўся ўсё спрытнейшым. Ён будаваў новыя мадэлі, зрабіў радыёкіраваны дэльтаплян з камэраю для С.

С. вып’е з Ф. трохі гарэлкі і папросіць дапамагчы. Ён просіць дэльтаплян Ф., просіць запусьціць яго зьверху і скаардынаваць палёт. С. кіне бомбу й вернецца.

Ф. не вагаецца ні хвіліны. Ён надзейны сябра, прафэсіянал і адрэналіньнік. Ён мужык. І ён у захапленьні.

К. у адной флянэлевай сарочцы п’е каву адна на кухні. Яна ўжо зразумела, што ніякага сходу ня будзе, што Марак яе заманіў. Яна ня будзе марнаваць часу. Яна злуецца на сябе. Яна апранаецца, выходзіць з хаты і ідзе па дарозе.

Себасьцян з Ф. на гары ў Віньніках. Ф. больш за ўсё ў жыцьці хацеў ляцець з С., але той вельмі просіць яго застацца. Цяпер Ф. на хуткую руку распавядае С. розныя тонкасьці пра дэльтаплян, ён вельмі хвалюецца. Ф. дапаможа С. узьняцца ў паветра, ён будзе цягнуць трос, зьбягаючы з гары. С. уздымецца супраць ветру.

* * *

К. дабіраецца ў Львоў самаспынам. Гэта доўга, цяжка, яна дрэнна арыентуецца.

Яна ў розных аўтамабілях.

К. не адказвае на пытаньні кіроўцаў, яна маўчыць.

* * *

С. ляціць у прыцемках над ільвоўскімі прадмесьцямі. Яму цяжка кіраваць дэльтаплянам, цяжка знайсьці будынак у прафэсарскай забудове, дзе жыве маэстра. Аднак ён беспамылкова пазнае будынак, зробіць кола над ім, уздымецца і скіне бомбу. Страшны выбух ледзь не перакуліў дэльтаплян. Плынь гарачага паветра падхапіла і панесла яго на вялікую вышыню.

Ф. чакае на схіле, пачуты выбух супакоіў яго толькі напалову.

С. прылятае хутка. Задаволенасьці няма.

* * *

К. вернецца ў гатэльны нумар. Пад дзьвярыма знойдзе капэрту. У ёй квіток на цягнік да Прагі і кароткі ліст ад маэстра, дзе сказана, што К. павінна неадкладна пакінуць Львоў. Яна сама вінаватая, што пачала незаплянаваныя і няўзгодненыя дзеі. Куды ўвогуле яна падзелася? Ягоныя людзі, згубіўшы яе, непакояцца. С. вар’ят. Ён можа зрабіць жахлівыя рэчы…

К. у адчаі. Яна ня думала, што С. так адрэагуе на ейнае зьнікненьне. Яна турбуецца за ягоную бясьпеку. Яна ўключыць магнітафон, але замест музыкі пачуе голас С., які распавядае страшныя рэчы пра сьвет ільвоўскай мафіі.

К. выбягае з пакоя, яна хоча знайсьці С. І сутыкаецца зь ім проста на лесьвіцы. Ён яшчэ ня страціў хімэрнага спадзяваньня.

Яны вернуцца ў пакой. Гэта ўспышка, зрыў. Яны будуць кахацца.

* * *

К. мусіць з’ехаць. Дасланы квіток — папярэджаньне. Яна не павінна яго ігнараваць.

А для С. ужо няма месца ў Львове. Пасьля рэстаўрацыі лістападу, пасьля К., пасьля выбуху бомбы.

Да таго ж яго могуць проста зьнішчыць.

Яны дамаўляюцца сустрэцца ў Празе. Чакаць яна будзе штодня а 5-й гадзіне на працягу сьнежня. Ён неяк дабярэцца.

* * *

К. у цягніку.
С. ідзе гарамі.
К. сьпіць.
С. у купе сена.
К. абедае ў вагоне-рэстарацыі.
С. сілкуецца ў намёце пастухоў.
К. пад’яжджае да Прагі.
С. стаіць над перавалам.

* * *

К. у Празе. Яна выходзіць ад гінэколяга, той сказаў, што яна цяжарная. І калі гэтая цяжарнасьць непажаданая, трэба сьпяшацца. Але К. ведае, што яна будзе чакаць і берагчыся. А 5-й яна сядзе ў прызначанай кавярні, як і ўчора. І як трэба, дык будзе прыходзіць сюды ўвесь сьнежань, і студзень, і люты, і сакавік…

Пераклала з украінскай Ціна Давыдчук

  (нар. 1968 у Івана-Франкоўску) — папулярны ўкраінскі пісьменьнік. Аўтар зборніка аповесьцяў «Інші дні Анни» (1998), раману «Неростi»
(2002). Апошняя кніжка — зборнік навэляў «Лексикон таємних знань» (2006).
Пачатак  Цалкам Форум

№ 7-8 (58-59) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/10/22